Казимир Лыщинский: 330 лет загадок

Л. Дроздов

Казимир Лыщинский стал знаменит в 1689 году. О нем писали во Франции, Италии, Германии, Польше и Литве. Он оказался в центре самого скандального судебного процесса в истории Беларуси. Его делом занимался папа римский. Философы всегда делали акцент на его атеизме, историки им мало интересовались. Кем на самом деле был человек, которого сожгли на костре? Солдат, монах, политик, судья, мыслитель? Обладатель несметных сокровищ? Белорус, который «убил» Бога? Закоренелый безбожник или скромный ученый?

Оглавление

* * *

Приведённый ознакомительный фрагмент книги Казимир Лыщинский: 330 лет загадок предоставлен нашим книжным партнёром — компанией ЛитРес.

Купить и скачать полную версию книги в форматах FB2, ePub, MOBI, TXT, HTML, RTF и других

Слова ад суаўтара

Человека, человека давайте мне!

Гончаров. «Обломов»

У сумнай гісторыі жыцця і смерці Казіміра Лышчынскага ўсё проста і зразумела толькі на першы погляд: жыў-быў шляхціч сярэдняе рукі, пазычыў грошы суседу, а той замест каб аддаць з падзякай, напісаў данос, абвінаваціўшы крэдытора ў атэізме. На двары канец XVII стагоддзя, абвінавачаны трапляе ў вязніцу, а пасля — на вогнішча разам са сваім атэістычным трактатам, ад якога толькі й засталося, што быў ён вельмі атэістычны.

Чытаючы шматлікія, чаго тут хаваць, артыкулы, кнігі і дакументы, датычныя Казіміра Лышчынскага, немагчыма адпрэчыць адчуванне, што гэта сцэнар вострасюжэтнага серыяла «Юрыст, спалены на вогнішчы» ў стылі unreliable narrator, бліскуча рэалізаваны Уілкі Колінзам у класічным «Месячным камені». Упэўненыя галасы ненадзейных або недасведчаных сведкаў ткуць супярэчлівую і шмат у чым непераканаўчую гісторыю. Што там казаць, гісторыю, у якую амаль немагчыма паверыць, калі б не надавала ёй незваротную сапраўднасць жудасная сцэна смяротнага пакарання: чалавеку адсякаюць галаву, цела спальваюць, а попелам страляюць з гарматы.

Глыбейшае знаёмства з гісторыяй Казіміра Лышчынскага здзіўляе, з аднаго боку, колькасцю пытанняў, якія дагэтуль застаюцца без адказу, а з другога — колькасцю дакументаў, якія патэнцыйна могуць гэтыя адказы прапанаваць, але дзесяцігоддзі ляжаць у архівах некранутымі. Тым больш, што дзякуючы сучасным тэхналогіям шмат якія рэдкія выданні і нават архіўныя матар’ялы можна атрымаць праз інтэрнэт малым коштам і не злазячы з канапы.

Уражваюць, не заўсёды прыемна, яскравыя характары. Вось інтэлектуал Лышчынскі, седзячы ў сваіх Лышчыцах, выпісвае ў таемны сшытак «чалавек есть творцам Бога». Вось Пётр Станіслаў Грэк адчайна шукае шляхоў заняць добрую пасаду ў берасцейскім ваяводстве. Вось Людвік Пацей бароніць на варшаўскім сойме свайго калегу і земляка Лышчынскага, але ў нейкі момант адыходзіць у цень — каб праз некалькі год зрабіць фантастычную кар’еру аж да найвышэйшай у Вялікім княстве пасады ваяводы віленскага. А вось Анжэй Хрызастом Залускі, біскуп, лацініст, палітык і садыст у адной асобе, нават пасля смерці Лышчынскага не можа супакоіцца і распісвае на паперы тыя пакуты і здзекі, якія, на шчасце, у самых варварскіх сваіх падрабязнасцях не адпавядаюць рэчаіснасці. Вось і папскі нунцый Якуб Кантэльмі, які шкадуе, што не атрымалася ўжыць да абвінавачанага «належныя» па стандартах інквізіцыі катаванні.

З расправы над брэсцкім падсудкам паўстала і паўстае дагэтуль шмат пытанняў. Часткаю — да ягоных сучаснікаў, але немалая доля — да даследчыкаў двух апошніх стагоддзяў. Можна зразумець, чаму савецкіх філосафаў (у большай ступені) і гісторыкаў (у значна меншай) надта ж цікавіў атэістычны трактат Лышчынскага, але падрабязнасці жыцця прадстаўніка паноўнага класу шляхты Рэчы Паспалітай былі забароненай тэмай. Нашмат цяжэй уцяміць, чаму асоба Лышчынскага, гісторыя яго роду, абставіны яго жыцця і дзейнасці на ніве асветы, палітыкі, правасуддзя, нарэшце, гісторыя яго міфа застаюцца ў значнай ступені па-за ўвагаю сучасных беларускіх гісторыкаў, нягледзячы на відавочную патрэбу ў пераасэнсаванні ранейшых ацэнак.

Прыкладам, даследчыкі дзесяцігоддзямі прастадушна пішуць пра пазыку ў сто тысяч талераў — грошы, ад якіх не тое што ў князя, але ў караля вочы загарэліся б. І гэта сярэдняе рукі шляхціч пазычае суседу? Адкуль такія капіталы і навошта яны Яну Казіміру Бжоску, які, мяркуючы па сціплых пра яго звестках, не будаваў над Мухаўцом другі Вэрсаль і не ладзіў экспедыцыю для захопу Стамбула?

А ягоны крэдытор Лышчынскі, гэты прыхаваны граф Монтэ Крыста зямлі берасцейскай? Спачатку іезуіт-навіцый, пасля соймавы палітык, паспяховы судовы чыноўнік і, урэшце рэшт, выкрыты блюзнер і «забойца Бога», ён сапраўды пісаў у вольны ад шматлікіх заняткаў час лацінскі трактат, які па смеласці пераўзыходзіў усё створанае на той час у хрысціянскім свеце? Хто ён — чалавек, які паводле абвінавачвання ні больш ні менш кінуў выклік Богу, або правінцыйны дзівак і ахвяра суседскае хцівасці?

Кніга, якая прапануецца вашай увазе, не адказвае на ўсе гэтыя пытанні і не прэтэндуе на статус навуковае працы. Яе задача — сабраць і выкласці перад чытачом як мага болей пра лёс чалавека з роду Лышчынскіх, ягоную асобу і атачэнне, у якім ён жыў, працаваў і загінуў, ды пра памяць, якую аб сабе пакінуў. На першым плане не філасофія, а факты біяграфіі праз погляд юрыста — бо ў працэсе Лышчынскага з выключнай яскравасцю адлюстраваліся асаблівасці дзяржавы Рэчы Паспалітай і яе грамадства ў эпоху Контррэфармацыі, сутыкненне ідэалаў хай сабе феадальнай, але прававой дзяржавы, шляхецкай вольнасці і рэлігійнага фанатызму, адвечныя канфлікты паміж асобай, прагнай ісціны, грамадствам, прагным стабільнасці, і ўладай, прагнай… абсалютнай улады.

Калі гісторыя, выкладзеная на гэтых старонках, падштурхне кагосьці працягнуць даследванні ў гэтым напрамку — цудоўна. Калі нехта з чытачоў вырашыць зрабіць тое ж сродкамі мастацтва — выдатна. Калі, нарэшце, нехта проста задумаецца над паралелямі паміж мінулым трохсотгадовай даўніны і нашай, не заўсёды прыўкраснай, рэчаіснасцю — таксама адна з мэтаў будзе дасягнутая.

* * *

У дадатак — некалькі заўваг асабістага характару. Мне было, мусіць, гадоў шаснаццаць, калі да нас у школу завітаў з лекцыяй па навуковым атэізме Я. Н. Мараш. Калі б хто мне тады сказаў, што я якім-небудзь чынам працягну ягоныя даследванні, я быў бы моцна здзіўлены: навуковы атэізм не выклікаў у мяне энтузіязму. Але сталася так, што знаходкі Якава Навумавіча занялі ў кнізе пачэснае месца. Таму на завяршэнне гэтае прадмовы дазволю сабе выказаць падзяку ўсім, хто ахвяраваў свае сілы і час разблытванню абставінаў трагедыі Казіміра Лышчынскага, вышукванню ацалелых фрагментаў ягонага трактату, а таксама Валянціну Пятровічу Грыцкевічу, які шчырымі натхнёнымі размовамі перадаў мне крыху свайго захаплення навукай і рамяством гісторыі.

Д. А. Жукоўскі

Оглавление

* * *

Приведённый ознакомительный фрагмент книги Казимир Лыщинский: 330 лет загадок предоставлен нашим книжным партнёром — компанией ЛитРес.

Купить и скачать полную версию книги в форматах FB2, ePub, MOBI, TXT, HTML, RTF и других

Смотрите также

а б в г д е ё ж з и й к л м н о п р с т у ф х ц ч ш щ э ю я